БІЯГЕНЕТЫ́ЧНЫ ЗАКО́Н,

1) у біялогіі — закон, паводле якога арганізм у індывід. развіцці (антагенезе) паўтарае ў скарочаным выглядзе некаторыя фазы гіст. (эвалюцыйнага) развіцця свайго віду (філагенез). Сфармуляваў ням. біёлаг Э.Гекель (1866) на аснове працы Ф.Мюлера (1864), таму біягенетычны закон часам называюць законам Мюлера—Гекеля. Закон пацвярджаецца наяўнасцю ў лічынак і зародкаў шматклетачных жывёл правізарных, а ў дарослых — рудыментарных органаў.

Паводле Гекеля эмбрыянальнае развіццё не заўсёды ўзнаўляе пачатковы шлях філагенетычнага развіцця, у ім могуць быць прагрэсіўныя адхіленні з’яў адаптацыі (цэнагенезы) у адрозненне ад кансерватыўных прыкмет і працэсаў — палінгенезаў. Больш познія даследаванні паказалі, што эвалюцыя арганізмаў адбываецца на аснове спадчынных змен любых стадый антагенезу (тэорыя філэмбрыягенезу А.М.Северцава), філагенез ёсць генетычны рад вядомых антагенезаў, а біягенетычны закон — прыватны выпадак спалучэнняў анта- і філагенезу.

2) У псіхалогіі і педагогіцы — мех. перанясенне біягенетычнага закону з прыроды на чалавечае грамадства, спроба растлумачыць псіхічнае развіццё дзіцяці як працэс, асобныя ступені якога з’яўляюцца паўтарэннем асн. ступеняў гіст. развіцця псіхікі чалавецтва. Пры гэтым сцвярджаецца, што ў антагенезе дзіцячай псіхікі ўзнаўляюцца асн. стадыі біял. эвалюцыі і этапы культ.-гіст. развіцця чалавецтва (амер. псіхолагі Дж.Болдуін, С.Хол, ням. К.Бюлер і В.Штэрн, рус. П.П.Блонскі і інш.). Гл. таксама Узроставая псіхалогія.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)